Жыць люблю каля чыгункі

Жыць люблю каля чыгункі,
Тут не будзеш знацца з сумам.
Хочаш – у любым кірунку
Едзь, куды паклічуць думы.

Выйдзеш раніцаю з дому –
Семафор руку ўзнімае,
Як таварыш ці знаёмы.
Цягнікі бягуць, гукаюць.

Рэха коціцца гаямі,
Не жадаючы вярнуцца.
Толькі рэйкі ручаямі
Серабрыстыя уюцца.

Паўлюк Прануза