Я зайздрошчу табе, калі мчыш ты вагоны...

Я зайздрошчу табе, калі мчыш ты вагоны,
Сцелеш белую грыву між белых бяроз,
І праносішся ў пыле са свістам і звонам,
І знікаеш у далечы ты, паравоз.

І знікаеш... А ўслед і пачуцці і мары
За табой і за віхрам тваім – наўздагон,
І ляцяць, без аглядкі мінаюць выжары,
За адным адплывае другі перагон.

А насустрач слупы ўсё імчацца, імчацца,
За вярстой адбягае, вільнуўшы, вярста...
Цяжка зразу крануцца, з прывычным растацца,
А ўжо там, у імкненні – адна любата.

Любата, калі свішчуць вятры раставанняў,
Вытанцоўваюць колы густы перастук...
Дзеля тысяч знаёмстваў і соцень спатканняў
Я гатоў заплаціць хоць мільёны разлук.

Алесь Бачыла