Я на станцыі жыў

З Гарнастаеўкі ці з Церухі
Прагрукоча цягнік міма соснаў.
І знаёмым дымком ад страхі
Мне пацягне з далёкіх тых вёснаў.
Я ў дзяцінстве на станцыі жыў.
Як любіў я агні семафораў.
А яшчэ цягнікі я любіў,
Асабліва зялёныя, скорыя.
Хлапчуком басаногім глядзеў,
Як імчаліся міма вагоны.
І да слёз так паехаць хацеў
І махаў ім услед засмучона.
Цягніком праляцелі гады...
Быццам колы, выстуквае сэрца:
Толькі дым, толькі дым, толькі дым,
Толькі дым ад жыцця застаецца...

Міхась Башлакоў