Вячэрні цягнік

Вочы абганяюць сэрца,
Сэрца абганяе думку,
Думку нараджае цішыня...

Можа, ўсё як-небудзь утрасецца,
Нібы рэчы у паходным клумку, –
Спадзяюся я на схіле дня.

Бо калі няма цябе – пустэча.
І чаканне – рэшта немалая
З голасу твайго, што недзе знік.

Вось таму так прагну я сустрэчы.
На пероне кожны дзень чакаю
Я цябе, вячэрні мой цягнік.

Можа, ты, вячэрні мой, нічога
Мне не прынясеш.
Я зразумею,
Ды змірыцца з гэтым не гатоў.

Можа, не сустрэну я нікога,
Можа, ад вагонаў і павее
Толькі пахам жнівеньскіх садоў.

Пімен Панчанка