Вуліца машыністаў

Бялее над грымотнай лініяй
пад чарапіцай эшалон.
На градах цішыня пчаліная,
палын запаланіў адхон.

Кілбасы на шчытку падвешаны,
жыруе голуб на жарстве.
Хрумсцяць у садзе пад падэшвамі
крупінкі вугалю ў траве.

На вішні белымі валокнамі
ляціць клубіцца дым густы.
І гаспадарка ўся пад вокнамі:
вагоны, стрэлкі, блокпасты.

Заўсёды – раніцай, увечары –
тут рэпрадуктары крычаць;
начамі галасы дыспетчараў
у цэнтры горада чуваць.

Дэпо апоўначы парадуе
ў сталоўцы вогненным баршчом
і неабходнымі парадамі
пенсіянерка за сталом;

над позняй пляшкай успамінамі
трывожыць боль забытых ран:
такой парой калісьці мінамі
ламаў “жалезку” ветэран.

Стары механікаў прыгадвае
і свой гарачы паравоз,
што недзе з новаю брыгадаю
імчыць пад вартаю бяроз...

Ад сонца раніца зажмурыцца
на градах, мокрых ад расы.
На памяць ведае ўся вуліца
лакаматываў галасы.

Калі гудкі здалёк вітаюцца,
у хатах мітусня жанок:
– Дадому бацька наш вяртаецца!.. –
Адразу пазнаюць гудок.

– Мой тата едзе! – з весткай носіцца
хлапчук, пазнаўшы ўпершыню...
Гудзе, дыміць, па рэйках коціцца
саюз металу і агню.

Анатоль Вялюгін