Вагон калыша. Позні дождж...

Вагон калыша. Позні дождж
Бесперапынна ў шыбы б’ецца.
На струнах рэек — думы, ноч,
Этап ды чорны, мокры вецер.

З імглы ўспамінаў устаюць
Пакінутыя лес і нівы,
Дзе хмары над рачным абрывам
Чаўнамі белымі плывуць.

Зноў бачу, як ідзе ў паход
Натоўп шматтысячны і грозны,
Сцягоў чырвоных, і адозваў,
І песень сонечных узлёт...

Вагон калыша. Позні дождж
Бесперапынна ў шыбы б’ецца.
На струнах рэек — думы, ноч,
Этап ды чорны, мокры вецер.

Максім Танк