Усмешка жанчыны

Верце — ня верце, а свята прычынай
Стаць можа простая ўсмешка жанчыны.
Той, што ў вагоне шматлюдным сядзела
I прад сабой невідушча глядзела.

Моўчкі глядзела ў душу, і падобна,
Ціхай жанчыне было надта добра.
I не хацела, а светлым сакрэтам
Стала дзяліцца з усім белым светам.

Раптам адчуў я душою і целам,
Што электрычка праз вечнасць ляцела.
Везла ў нязнанасць усмешку бяз страху
Зорнымі рэйкамі Млечнага Шляху...

Дзень непрыкметны застаўся са мною,
Спеліць ён зноў пачуццё незямное.
Смутку прычына і шчасця прычына —
Тая звычайная ўсмешка жанчыны.

Сяргей Законнікаў