Ты, мой цягнік, не грукачы...

Ты, мой цягнік, не грукачы
На стыках рэек ашалелых,
I не стагні, і не крычы
Аб нечым вельмі набалелым.

Ты, мой цягнік, лепш заспявай
Пра неба дзіўнага бяздонне
I дзверы насцеж адчыняй:
Дадому еду я сягоння.

Мой добры дом, мой першы дом,
Мая нямулкая калыска,
Мне светла падміргне акном,
Такім да болю ў сэрцы блізкім.

Ты, мой цягнік, не грукачы
На стыках рэек ашалелых,
I не стагні, і не крычы
Аб нечым вельмі набалелым.

Янусь Малец