Цягнікі заспявалі, заплакалі...

Цягнікі заспявалі, заплакалі,
Дым змяшалі з парай лагчын,
Па мастах над вадою адтакалі,
Іскры кінулі ў зорную сінь.
Дні нядаўнія, ясныя, любыя,
Гарадоў старажытных спакой,
Кураслеп на лугах Багалюбава,
Белы храм над Нерлю-ракой.
Ці здалося мне, ці прыснілася,
Што ў вясеннія гэтыя дні
У вачах тваіх, шэрых, мілых,
Больш было да мяне цеплыні.
Адшумела дзікімі злакамі,
Абляцела пялёсткамі “сна”,
Адцвіла барвянымі макамі
На паўночных лугах вясна.
Дзе ты зараз, добрая, цёплая,
Як прамень святла на траве?

... Над духмянымі ў полі каноплямі
Цень ад хмары самотнай плыве.
Ледзь паспеўшы сустрэцца і зведацца,
Пад алмазнай Вялікай Мядзведзіцай
Спіць туга мая па табе.

Уладзімір Караткевіч