Цягнікі і станцыі...

Цягнікі і станцыі –
У шыбы – сонца сполахі –
Родная краіна – ты плывеш-плывеш –
Поле – апяянае Купалам і Коласам –
Паясамі слуцкімі сцелецца ў бязмеж –
У гэтай далі сонечнай
Каласамі спелымі –
Сінім летнім вечарам ціха шапацець –
На шляхох бярозы шэранню замляцца
Падаючай зоркай – блісне семафор –
Вечар навявае сэнс дзіўной загадцы
У блакітным тумане пацеркамі зор –
Еду – еду – еду –
Цішыня навокал –
Толькі ў сэрцы п’яна – звонкі перапуд –
Толькі заграхоча – то замрэ – далёка –
Перагонка колаў – развясёлы груд.

Хведар Ільяшэвіч