Цягнікі

Не разгадаю,
Чаму ў мяне ноччу сон неспакойны такі:
Вятры абуджаюць
Ці проста да рання гудуць і завуць цягнікі?

Грукаюць недзе,
Перамаўляюцца, быццам мяне нестае.
Многа ў іх едзе,
I ў кожнага думы і ў кожнага мары свае.

Мчацца вагоны.
I там між бяссонных думка блукае мая:
Можа, хто ўспомніў,
Можа, камусьці з іх прыгадаўся і я.

Акно адчыняю.
Удалеч імкнуся, глянуць хачу з-пад рукі,
Хто заклікае,
Куды гэтак прагна клічуць мяне цягнікі.

Пятрусь Броўка