Цягнік у Беларусь

У прыцемках ранню не сумна...
Прамень, радасць рупіцца змусь!
На сурмах,
                  на сурмах,
                                   на сурмах
іграе зару Беларусь.

Цягнік, ён праносіцца міма,
а з коміна —
                      ў неба абы! —
стаеннікі сівыя дыму
іржуць і ўстаюць на дыбы.

Палянам яшчэ снегавіта,
яшчэ сакавіта снягам,
і кветкі разводдзем заліты,
і цесна ў імгле саснякам.

Пад сонцам цяжкім, крутачолым
і шорсткім, як поўсць кажухоў,
на квецень наніжуцца пчолы
і вусікі летніх жукоў.

Напыхкаўшыся каля Мінска,
прывеціць дамы паравоз:
цяплее драўляная міска,
пахрумствае конскі авёс.

I тут жа мне сніцца і чуецца
конніцы тупат і гік,
і хутка дзясніцу і шуйцу
мы зблізім ля рэк дарагіх.

Дзівосны тапор дрывасека.
Вянок свой, паненка, пляці.
Чароўная!
                 Акай і дзекай,
за дымам і свістам ляці!

1936
Сямён Кірсанаў, пераклаў Рыгор Барадулін