Цягнік сапе, прастор грабе...

Цягнік сапе, прастор грабе,
З вятрамі зычна лаецца.
Гляджуся ў люстра, што ў купэ,
І твар мой аддаляецца.

Перада мной і за спіной
Два люстры гэтак зведзены –
Няйначай, хітраю раднёй
Пастаўлен на агледзіны.

Дваюся я, траюся я
І, можа ўчацвяраюся.
Душа прапашчая мая,
Дык для каго стараюся?!

О колькі, хто на свой капыл
Мяне хацеў бы выхаваць!
Лячу стралой за небасхіл –
Пляваць на вашу прыхамаць!

Пакуль запал мой не ачах,
Люблю язду таропкую,
Няхай у некага ў вачах
І застаюся кропкаю!

Сцяпан Гаўрусёў