Цягнік адсопся, рушыў да сталіцы...

Цягнік адсопся, рушыў да сталіцы,
нырнуў у цемру, быццам у тунэль.
Пакуль ты спіш, чакае на стальніцы
недапісаны ў поўнач рытурнэль.

Чыгунка натамлёная самлее,
на рэйках блісне месяц, як таўро.
Табе ж прысніцца бабка Саламея,
і соннік расшыфруе — на дабро.

А я, на шкле festina lente* сцершы,
бы ваўкалак, імчу па цаліках,
Дапісваю нявыспаныя вершы
на ранніх і сіпатых цягніках.

На строфы іх прыпынкамі драбніла
дарога, непадкупная, як лёс —
драўляна-металёвая драбіна,
што ўстане і дастане да нябёс.

Прыпол ёй беразняк лісцём услаў — і
адбегся прэч, спыніўся неспадзеў.
Дасні мой сон у ранішнім Заслаўі!
Я, нібы сон, цябе недаглядзеў.

Цягнік і той, гамуючы, з аглядкай,
кіўнецца ўбок няўклюднай галавой —
туды, дзе ў хатцы, нібы уніятка,
ты спіш паміж касцёлам і царквой.
__________________________________________________
festina lente — спяшайся паволі (не рабі паспешліва) (лац.).

Міхась Скобла