Цягнік

Цягнік пад гонкай назвай Час
Не падарвецца і на міне.
Ляцеў бяз нас,
Ляціць пры нас,
I там, у далечы, не згіне.

Вось-вось цягнік мяне міне,
Бо колы стыкі ўжо не лічаць...
I раптам здасца,
Што ў акне
Убачыў мілае аблічча.

Ты вуснамі заварушы —
Я прачытаю словы высяў.
I крык спалоханай душы
Над светам прагучыць:
«Спыніся!»

Мой страх
Цягнік з сабой панёс,
Ты засталася на пэроне...
Хоць сэрца стукае ўразнос,
Я падбягу,
Як верны пёс,
Каб прытуліць халодны нос
Да цеплыні тваіх далоняў.

Сяргей Законнікаў