Цягнік

Дзіўны цягнік
спыняецца штоночы
на нашым ліпнёвым паўстанку:
свецяцца вокны,
ды не відаць людзей за імі.
Там нікога няма,
шэпчаш спалохана ты
і завешваеш вакно фіранкаю.
Мы з табою —
апошнія людзі на свеце.

Чакае цягнік,
нібы лёс,
вабіць, як бездань,
светлай сваёй пустэчаю,
каб павезці ў невараць.

Вусны ратуюць вусны,
цела ратуе цела,
душа ратуе душу.
Знікае ў полымі паратунку,
каб памерці разам
і разам уваскрэснуць.

Уваскрэсну на досвітку:
спіць за вакном
аснежаны горад,
чужое дыханне
кранае шчаку.

Ты ўваскрэснеш
у тое ж імгненне
на нечым плячы.
скажаш камусьці ў одуме:

дзіўны цягнік прысніўся мне
свецяцца вокны,
ды няма нікога за імі.

Уладзімір Арлоў