Цягнік

Днём і ноччу ляцеў паравоз,
Запылёны, закураны,
Аж з Урала
Жалеза вёз
У горад разбураны.

– Гэй, дай ходу! – крычаў з усіх сіл
Трывожыўся: позніцца...
Машыніста прасі, ні прасі, –
Падвезці не возьмецца.

Але стаў ля Дняпра берагоў
Паравоз,
Каб напіцца пад соснамі.
І адсюль пачалося
Яго
Падарожжа дзівоснае.

Покуль піў ён ваду і стагнаў:
– Цяжка... Ногі стаміліся... –
Машыніст,
Як адбіцца,
Не знаў, -
Лесарубы ішлі ўсё, прасіліся:

– Мы не спалі начэй, толькі каб
Просьбу горада выканаць;
Пілавалі кражы,
Дуб і граб
Для будоўлі вялікае.
Выручай, завязі іх туды,
Няхай горад выроствае,
Завязі,
А твайго праз гады
Не забудзем сяброўства мы... –

Машыніст – эх!.. – рукою махнуў:
– І адкуль вы з’явіліся?.. –
І бярвенні мо ў хвілю адну
На платформах змясціліся.

Ледзь скрануўся, загуў паравоз,
Як-бы грозячы некаму:
– Гэй, скрышу!.. –
Вецер грукат панёс
Над палямі, над рэйкамі.

Зноў прад ім рассцілаўся прастор.
Але хутка нанова
Воўчым вокам міргнуў семафор,
Зноў пачуліся словы:

– Завязіце! Для горада мы
Цэглу маем адменную,
Каб на старых руінах дамы
Ўсталі з моцнымі сценамі. –

Машыніст пацямнеў. Як тут быць?
Адказаў, ледзь не плачучы:
– Ну, і што-ж мне, браточкі, рабіць,
Кладзіце! На ўдачу ўжо... –

Зноў спяшаўся цягнік. Браў разгон,
Стаў як быццам крылаты.
На раз’ездзе спынілі яго –
Цэлы полк –
Юнакі і дзяўчаты.

– Падвязі! Не пакрыўдзі ўжо нас...
Чуеш кліч над руінамі?
Мы не можам не быць ў гэты час
Там, з усёю краінаю. –

І забраў усю моладзь цягнік,
Слухаў – ёсць яшчэ сілы,
І быў рады, што столькі радні
Мае горад наш мілы.

– Гэй, сядайце! – крычаў ён. – Каму
Мо яшчэ трэба ехаць?.. –
Родны край адгукаўся яму
Гулкім радасным рэхам.

Кастусь Кірэенка