Старыя шпалы

Пахнуць парай
Старыя шпалы
І калючаю іржою рэек.
Ім трывала
У памяць запала
Колаў дрогкае рэха.

Іх,
Чарнейшых ад качагараў,
У высозны паклалі штабель.
Адпачыць
Надышла чарга ім
Ля вакзала –
Галоўнага штаба.

Ды прадымляных,
Прамазучаных,
Не крануць іх
Цывільнай цвілі.
Паравозная песня
Пявучая
Увайшла ў іх,
Як востры цвік...

Рыгор Барадулін