Стары машыніст

На ўскраіне цвітуць гароды,
раскошна на вершаліне граку.
Чыгуначнік сівабароды
і піва барадатае ў ларку.

Нядзеля раззвінелася ў блакіце.
На вішнях смолка сочыцца з кары.
Апрануты ў пацёрты кіцель,
ён выйшаў панядзеліцца, стары.

Хапае цеплыні і песень
для ўсіх снежнабародых пенсій!

Глядзіш і слухаеш парады:
трапеча спёка сіняя ў вачах,
а кіцель, хоць ён і парадны,
агнём, вятрамі, вугалем прапах.

Далоні ўсё яшчэ ў метале,
паспешны крок, як некалі вясной.
Іскрацца ў пяць радоў медалі
і ордэны пад спелай сівізной.

Святочны і чамусь трывожны,
спяшаецца з кавенькай на вакзал.
Засвеціцца ўсмешкай кожны,
пабачыўшы:
– Ідзе наш генерал...

Анатоль Вялюгін