Станцыя “Калій”

У сяло,
Абмінаючы ганкі зашклёныя,
Як на крылах імклівых, прызыўна ляціць
Новай станцыі звон.
Ён у кронах зялёных
І на шыбінах вымытых тонка трымціць.

І няма ўжо цяпер ані ў кога здзіўлення,
Калі ў край у любы прыімчыць таварняк.
На вагонах за словамі “пункт адпраўлення”
Будзе гордае станцыі гэтай імя.

А яна, нібы цалкам са шкла і эмалі
(Хіба знойдзеш дзе станцыю ў свеце чысцей!),
Па-рабочаму проста назвалася “Калій”,
Па-рабочаму проста страчае гасцей.

І саставы, здаецца, аж недзе пад Слуцкам
У сінеючай далі згубілі ранжыр...
Каб было ў Салігорску ні цесна, ні вузка,
Разрастаецца станцыя ўдоўжкі і ўшыр.

Прыйдзе час, і кур’ерскі са звонам і свістам
Ля Чыжэвіч разбудзіць на золку прасцяг.
А над станцыяй – з зораў шахцёрскіх маністы,
І гарыць небакрай, як падсвечаны сцяг.

Уладзімір Паўлаў