Станцыя Грамы

Паравоз сапе і цяжка дыхае
На завейнай станцыі Грамы.
Ходзяць маразы хадою ціхаю
Белымі пуцейцамі зімы.

Кажухі пуцейцам лінзай сонечнай
Сакавік у поўдзень прапячэ, –
Па тугіх, настылых рэйках звонячы,
Паімчацца цягнікі шпарчэй.

Цягнікам махае дуб над кручаю,
Семафор міргае – шлях прамы,
Бо самой вясною ім даручана
Развазіць па ўсёй зямлі грамы.

Весні, 
           будзе ён – хлапчына ў майцы –
Самазвал з каменнем разгружаць.
З лоз пасля яго свісткі здымаюцца,
Цягнецца травіца з-пад лаўжа.

Летні
Загрыміць пустымі жорнамі –
Вымалаўся леташні ўраджай,
І па-над сузор’ямі азёрнымі
Выгнуцца вясёлкі з краю ў край.

Восеньскі,
З начамі вераб’інымі,
Забурчыць сярдзіта хрыплы гром:
Хоча затушыць пажар рабінавы,
Закружыцца у віры вугром.

Тут усе работай забяспечаны –
Будзе нават стаўкі паўтары.
Тут пасаду грознага дыспетчара
Перуну далі: – Глядзі, стары.

Каб падчас не затрымалі залежы,
Каб паводцы графік не размыць,
Каб своечасова адгружаліся 
Мірныя, вясновыя грамы.

Тут у ноч чаромхавую, белую
Ходзіць май сп’янелы, сам не свой,
І, ад салаўёў асалавелая,
Поўня круціць круглай галавой.

Тут бярозы каркаюць і крахкаюць,
Глыхнуць ад птушынае гурмы.
Кожны гром – з полацкае станцыі
Лагоднейшы характам – Грамы!

Рыгор Барадулін