Станцыя

Еду з музыкай, з танцамі,
З правадніцай ласкаваю,
А за вокнамі – станцыя,
Як малая дзяржава.
І амаль невядомая,
І зусім непрыкметная,
Усё ж да болю знаёмая,
Запаветна-прыветная.
Поіць з поўнае конаўкі
Ды смяецца гарэзна.
І частуе антонаўкай,
Паўзабытаю песняй.
…Прамільгнула – не вернецца.
З сваёй славай, няславай…
Зноў слязінка навернецца
За малою дзяржавай.

Алесь Пісьмянкоў