Штабелявалі хлопцы шпалы...

Штабелявалі хлопцы шпалы –
Сасны смалістыя брусы,
Тайзе паветра не хапала,
Стагналі краскі без расы.

І дрэвы бранзавелі потам,
І цень марнеў без вецярка.
Я збоку назіраў і потым
Падаўся моўчкі да бруска.

І вочы бляскатам сляпіла,
І кроў хадзіла гарачэй,
І добрай працы ўсім хапіла
Для рук нястомных і плячэй.

Апілкі сонца церушыла,
Як цыркуляркаю-пілой,
І далеч доўга не спяшыла
Укрыцца шызаю імглой.

Аб гэтым рэдка ўспамінаю –
Выпадак проста быў такі,
І толькі плечы прыгінаю,
Калі грукочуць цягнікі.

Сцяпан Гаўрусёў