Сартавальная горка

Калі мне стане горка,
У спёку і ў слату,
Чыгуначная горка,
Я да цябе іду.

Тахлуеш ты вагоны,
Вагонны лёс такі:
Адны на шлях галоўны,
Другія — ў тупікі.

Ты дзень і ноч працуеш,
Ты дзень і ноч гудзеш.
Куды мяне скіруеш,
Куды мяне пашлеш?

Ляцеў бы перагонам
У счэпцы я, дзівак.
Але мне быць вагонам
Не хочацца ніяк.
Ні мяккім, пульхнацелым,
Ні змрочным ледніком,
Ні персанальна-белым,
Тым больш — паражняком.

Чыгуначная горка,
Я аднаго прашу:
Ты пуцявінай-зоркай
Мне асвятляй душу,
Каб часам свет суровы
Па нечай там віне
На шлях на тупіковы
Не завярнуў мяне.

Анатоль Грачанікаў