Станцыя Княгініна

Ёсць Княгініна станцыя.
На вакзалах сталічных
Яе доўга заўсёды
Шукаюць касіры.
Але мне яна дорага.
Поўнач. Кастрычнік.
Я адтуль калісці
Адправіўся ў вырай.

Вецер сустрэчны.
Калі ўжо ён дзьмуць перастане!
Дах вагона хістаецца
Чорнаю крыгай.
Толькі б як утрымацца
На ім да світання
Ды не выпусціць з рук
Торбу з хлебам і кнігі!

Як зайздросціў я тым,
Хто пад гулкіх кол ляскат
У цяпле мог ляжаць,
Хоць пад лаўкай вагона...
Праваднік!
Разбудзіце мяне, калі ласка,
Калі мы ля Княгініна
Будзем сягоння.

Не! Ні з кім не дамовіўся
Я там сустрэцца.
Ды і годы – не тыя,
Прызнаюся шчыра.
Проста – ў кожнага ёсць
Месца, блізкае сэрцу.
Можа, ўбачу знаёмых
Сярод пасажыраў.

Максім Танк