Рух таварных цягнікоў

Крушня.
Лес.
Прасцякі.
Сонца – круглыя суткі.
Па абодва бакі,
Паабапал ракі,
Дзве чыгуначных будкі.
І гудкі, цягнікі.

Цягнікі,
Цягнікі.

Праплываюць з Баку,
Прабягаюць з Ташкента,
Завіхаюцца з Мінска,
Грукочуць з Масквы.
Дзень і ноч. Ноч і дзень.
І не вымераць пэнту,
Бляску іскраў і зор ля закуранае галавы.
Жахне ў вочы кур’ерскі, гарачы, як чутка,
І раскроіць зялёным хвастом краявід,
Бліскавіцаю шкла прамільгне заклапочаны хуткі,
Пратуркоча паштовы,
Прасыпле вясёлы транзіт.

Распіваюць чаі, на прыпынках выходзяць у крамы
Інжынеры,
Курортнікі,
Хлопцы з будоў,
Ад сталічных дачок местачковыя мамы, –
То пусцеюць купэ, то гусцей засяляюцца зноў.

І пакуль чужаземцы, з-за шторы вагон-рэстарана,
Мармытацьмуць пад нос:
– Гэта Русія, бальшавікі...
Настаўляючы рот, прагна чмышуць ля кранаў
І рыхтуюцца новыя цягнікі.

Ноч махне ліхтаром, падступаючы ад семафора,
Стане.
Чхне перагрэтаю парай, мукой.
Дзынкне буфер аб буфер.
Абстуканы буксы, рэсоры
І павернут рычаг без традыцыйных званкоў.

Рушыў з месца састаў.
На абсягу таварных паўпрэдстваў
Не прымружвае воч цягніковы дазор.
І кандуктары па-суседску
Перагукваюцца з тармазоў.

За платформай платформы.
Плывуць элеватары збожжа:
ЦЧО,
Украіна...
Падкіне мяхоў Беларусь,
Ды гарышчу зярнят нашуфлююць палі Паволжжа,
Поруч з ёю – дзіцёнак у снежных пялёнках – Эльбрус.

З мерным грукатам кол насыпаецца вугаль Данбаса,
Вызваляецца ў топках у глыбы спрасованы рух,
Льецца нафта ў фарсункі, цяжкая, як плыўкае масла,
І старожкі бензін для матораў пільнуе іскру.

А калі пад дажджом зашасцяць разапятыя тэнты,
Трактары прыглядаюцца, дзе ім сысці на палі,
І на кожным паўстанку вылузваюцца з-пад брызенту
Снопавязкі,
Сеялкі
І дызелі.
Круглашчокі радыс у цяплушках выломвае дзверы,
І смяюцца гуркі: – Мы адзін у адзін! –
Задаецца кавун, яго зваць “Галава Алаферна”,
Перад белым налівам гатунку “Куды апельсін”!

Певуны – аж канчаюцца!
Гэтым заўсёды турботы,
Каб сабе не заснуць і другім не спачыць.
Звонка ржуць жарабцы,
Нібы дзьмуць у фаготы,
І паважную мызу з вагона высаджвае швіц.

А цягнік падыходзіць павольна да кранаў,
Каб узняць на плячах пяцігодчын план.
Густыя ўстаюць туманы.
Вільгаць паўзе з палян.

Цягнікі.
Цягнікі.
Рознай песняй звіняць цягнікі:
“Калі, знацца, тут хадзілі
Параходзікі,
А дванаццатай гадзіне
Адыходзілі.
А мы, значыць, цягнікі,
У нас звычай не такі”.

Прыцішаецца ход. Гарадок на выросце
Падымае руку семафора:
– Сюды!
– Мы ўжо тут!
– Мы ўжо тут!
Слова падае цяжка, як быццам бы кляпа на мосце,
Пара з лёгкіх жалезных высвіствае ў клапан руды.

– Мы не хутка ішлі, ды затое ў нагу з пяцігодкай,
Выпраўляла эпоха ў дарогу да вас.
Забірайце начынне...
Жадаем пагодкі!
Што прывезці? Бывайце!
Даставім у час.

– Вось і ўсё!
– Вось і ўсё! – І ахутаўся воблакам.
– Зазірну! – Прагукаў і шырока ступіў.
Пераскочыў ён мост і, тупочучы дробненька,
На дратах пацягнуў за сабою слупы.

Дзень пры дні на чыгуначнай карце Саюза
Кожны пункт сустракае таварны цягнік.
Ці адзін, ці другі. Часам два завітаюць пад грузам.
Дык развозь!
Дык цягні!

Гэта рушаць па рэйках харчовыя глетчары
І гарматны частунак для хцівых гасцей.
Гэта дужасць хады б’е насмерць старасветчыну,
Ломіць долар і робіць рубель залацей.

Цягнікі пад парамі,
Машыны з крыламі на ўзлёце,
Чалавечыя сэрцы на курсе да мэты.
Мы прыспешваем час.
Мы жывём у апошнім пралёце
Між кастрычніцкай і Сусветнай.

Максім Лужанін