Рэйкі тахкаюць, бліскаюць...

Рэйкі тахкаюць, бліскаюць.
Шлях далёкі дадому.
Што не выкажаш блізкаму —
Раскажы ўсё чужому.

Хай вагон ваш гайдаецца
У грымотнай цішы.
Хай душа спавядаецца
Чалавечай душы.

Знікне ў дрогкім свячэнні
Адчужэнне і час.
Ёсць такое злучэнне
Лёсаў кожнага з нас.

Без наўмыснага, злога,
Усе людзі — браты.
Так не прагнуць нічога,
Як людской дабраты.

Рэйкі тахкаюць, бліскаюць.
Шлях далёкі дадому.
Што не выкажаш блізкаму —
Раскажы ўсё чужому.

Анатоль Грачанікаў