Рэйкі

Мы — рэйкі. Рэйкі адмысловыя,
Па нас грымяць гады, вякі.
Як цягнікі цяжкаваговыя,
А часам — як паражнякі.
Мы — магістральныя астрожнікі.
І як цяжар цячэ цурком,
Не зразумець вам, падарожнікі,
На нас гарцуючы вярхом.
Ляціце ж. Хай вам будзе весела!
Хай смачна спіцца на зары,
На нашых спінах перанесеным
І праз хрыбты, і праз віры.
Ляціце, людзі ўсемагутныя,
І кавалі і каралі!
Хоць вы былі да нас прыкутыя,
Як мы да шпал і да зямлі, —
У час, калі касмічным віцязем
Ляціць хто з вас за далягляд.
— Вярніцеся дамоў, вярніцеся! —
Грымім трывожна, як набат.

Анатоль Грачанікаў