Рабочыя цягнікі

І сонца яшчэ не прачнулася,
А ўжо бягуць вагоны, як мурашкі,
Па выгінастых галінах чыгункі
Туды, дзе горад, пазяхаючы спрасоння,
Выдыхае першыя зацяжкі
Густога дыму заводскіх курыльніц.

У ранішніх рабочых цягніках
Яны, вагоны, як у вёсцы хаты,
Пахнуць сырадоем і кропам,
Свежымі кілбасамі, гуркамі,
Грыбамі, кменам і налівам белым,
А дзе-нідзе — ўчарашнім перагарам.

Гайдаецца ў іх леная дрымота
Вачэй і рук, гаворкі ціхай, думак,
Іх рух рытмічны, толькі на хвіліну,
Кароткія прыпынкі парушаюць.

Пад вечар абуджаюцца вагоны.
Па іх з тунеляў,
Як з брандспойтаў, лупіць
Людская хваля .
Гарачая, тугая,
Яна вагоны мігам залівае
І песнямі, і жартамі, і смехам.
І пайшоў цягнік, паехаў.
Вагоны ажываюць.
І людзей
Цяпер вязуць, нібы гасцей з вяселля, —
Дзядоў, бацькоў, мужоў, каханых, жонак, —
Будаўнікоў вязуць на адпачынак,
І самы час цяпер пагаварыць.

— …вы чулі, зноў укралі самалёт?
— Нягоднікі, забілі чалавека!

— …Анджэла Дэвіс — вось дзе малайчына!

— Забойцаў у Сангмі сам прэзідэнт
пад крылы прыхаваў, нібы квахтуха,
а ты казаў, што могуць пакараць…

— …прыходжу, значыць, я дамоў, а жонка…
— …і правільна, які з цябе мужчына,
калі трасуцца ўжо не толькі рукі…

…Размовы аціхнуць і адгучаць,
Скоціцца сонца за лес рабрысты.
Імчаць вагоны.
І людзі імчаць,
Даверыўшыся машыністу.

Анатоль Грачанікаў