Пуцявы абходчык

Сярод калін
І скошанай травы,
Дзе вольна пчолам
І салодка восам,
Жыве сабе
Абходчык пуцявы,
Які сябруе
З рэйкамі і лёсам.

Драўляны дом,
Драўляны новы плот.
Пад вокнамі
З вяргінямі гародчык.
Ля дома ёсць
І сад, і агарод –
“Хадзяін спраўны”,
Пуцявы абходчык.

Адгаманіў званочкамі
Лужок,
Сягоння ён –
Куточак сенажаці.
Складзе абходчык
Роўненькі стажок,
Каб да вясны
Скарміць яго цяляці.

Вось тут бы мне
Праводзіць цягнікі
І кожную па паху
Ведаць зёлку.
Саліць у дзежцы
Хрумсткія гуркі
І цалаваць абходчыка
На золку.

...На шыбе
Промень сонечны дрыжыць,
Як птушаня, садзіцца на галінку,
Я выйшла б тут
І засталася жыць.
Ды мой цягнік
Не мае тут прыпынку.

Дарога без канца –
Мой вечны крыж,
Неўладкаванасць –
Мой жыццёвы почырк.
Крычыць:
– Ну што, прыгожая, глядзіш?
Мужык вясёлы,
Пуцявы абходчык.

Святлана Басуматрава