Празвінеў званок, – і на пероне...

Празвінеў званок, – і на пероне
Ужо растаў бялява-пухкі дым…
Праз прастораў звонкія парогі
Мы шточас шыбчэй-шыбчэй імчым.

Я вакенца ў золкасць адчыняю,
Папяроса пыхае, трымціць…
За вакном – прыгожая нязнанасць,
Кругабегі рэйкавых пуцін.

Паравоз стучыць-грыміць па шпалах,
Па загонах распусціўшы чад…
Струнных думак звонкія цымбалы
Не спяшаюць тонны ні на час.

Я гляджу – бягуць на сустрач далі.
На загонах раніца імжыць…
У істоце нечага не стала,
Не хапае нечага ў душы.

Груст апаў, фарботай задумлёны,
І вішнёвы смутак без пары…
Ці за тым, што ў песенных загонах
Я пакінуў вёскі ля зары…

Паравоз грыміць і ўторыць думкам
І ў разгоне раду хоча даць.
– З-за прыгожых, песенных лятункаў
Хіба варта, хлопча, груставаць?..

І з чыгуннай песняю ўрачыстай
Мы шточас шыбчэй-шыбчэй імчым…
І шапчу я – будзь заўсёды “чыстым,
Будзь заўжды – як вечнасць, маладым”!..

Змітрок Астапенка