Правадніца

Гэтак міла з табой парадніцца
У хаціне, што клічуць – вагон!
Правядзі мяне, правадніца,
Праз паляр’е і поўдня агонь!

Правядзі мяне, ты гэта можаш,
Праз завеі і сны садоў,
Праз маланкавыя загарожы,
Праз навалы аблок, ільдоў!

Пераеханы паралелі,
Лёг пад колы мерыдыян...
А ці ўсе пасажыры паселі,
А ці чысты ў вагоне дыван?

Правадніца не чараўніца,
Не чаруе – працуе, ажно
Свет глядзіць і не наглядзіцца
У працёртае ёю акно...

Еўдакія Лось