Праплыў перон і знік...

Праплыў перон і знік.
І колы зачасцілі.
Дрымотны праваднік
разносіць чай астылы.
Салдат... Жанчына... Дзед...
Дзяўчынка (ў сёмым класе).
Ніяк не ўспомню, дзе
Я з імі сустракаўся.
Калышацца вагон
Чаёва, вечарова...
Шануй дарожны сон
Да станцыі чарговай.
Пацягне скразнячком...
Жалеза праляскоча...
Махне нам дзед кійком,
Па цаліку пакроча.
Запорхае за ім
Дзяўчынка, як сняжынка...
Сцячэ з адхону дым –
І захіне сцяжынку.

Уладзімір Някляеў