Поезд справядлівасці

Поезд справядлівасці часта спазняецца.
Ці таму, што дзесьці падоўгу спыняецца?
Ці яго стрымоўваюць ветры і ліўні?
Ці ён проста ходзіць па няўдалай лініі?
Ці чакае часам недзе поезд стрэчны?
Ці тут вінаваты ўсё той жа стрэлачнік?
А можа, другія якія прычыны?
Што робіцца ў свеце? Што робіцца ў Чылі?
Поезд, дзе ты, поезд? Хіба пакараны
забойцы Альедэ, каты Карвалана?
Ён такі ўжо поезд. Паўзе чарапахаю.
Як цягнуўся колісь цягнік Чарапанавых.
І. вядома, позніцца пры такім вось ходзе –
то на паўхвіліны, то на паўстагоддзя…
Я стаю на станцыі, я квіток трымаю.
Семафор зялёны насцеж адкрываю.
Я з тых пасажыраў, хто у асаблівасці
чакае той поезд, поезд справядлівасці.
Хто ім проста трызніць, для каго ён – шчасце.
Хто сябе гатовы шпалаю пакласці
пад поезд жаданы – абы толькі йшоў ён,
абы явай быў ён, не марай дзяшовай…
Таварыш дзяжурны, таварыш дыспетчар,
такое спазненне проста небяспечнае,
такое спазненне да смерці падобнае!
Вы ўжо калі ласка, папрацуйце добра!
Вы агледзьце рэйкі, вы падсыпце гравійку.
Поезд справядлівасці каб хадзіў па графіку!..

Анатоль Вярцінскі