Паўвека... Гэта шмат — паўвека...

Паўвека... Гэта шмат — паўвека.
Сплылі, змялелі сотні рэк.
I ўжо адно тваё павека
Нібы закрылася навек.

Ты аднавокі, аднаногі
I аднарукі, небарак;
I задуменныя дарогі
Чакаюць іншых у барах...

Пляткарце, мілыя, пляткарце,
Што нехта ў крук мяне сагнуў.
А я улёгся на плацкарце
I правадніцы падміргнуў.

Эх, правадніца, правадніца,
Люблю я твой вандроўны дом.
Хачу з табою парадніцца,
Зрабіцца паўправадніком.

Каб ад паглядаў чалавечых
I загарацца, і гарэць;
I хоць далёка, хоць пад вечар,
Што не сустрэў яшчэ, сустрэць.

Каб на людскім дарожным сходзе
Патрэбным гэтым людзям быць
I ведаць, дзе каму сыходзіць,
Якія станцыі любіць.

I каб на той, на канчатковай,
I не пазней, і не раней
Сысці не ў табар Канчаковы,
А ў свет бяроз, што ўсіх радней.

Пімен Панчанка