Паўстанак

Усё ў руцэ казённых духаў:
Перон, дзяжурны пры сцяжку,
Бітончык з адламаным вухам
І конаўка на ланцужку.

Рамонтны водар таннай фарбы,
Здаецца, сто гадоў жыве,
І колер – быццам тут пажар быў:
Рудою вохраю плыве.

І ў гэтым ачужэлым свеце,
Дзе лёс зняверана прыціх, –
Яны: бяды ці шчасця дзеці –
З адным расстаннем на дваіх…

Дыхнуць гарачай хваляй колы –
Жыццё разрэжуць папалам, –
Што не сустрэцца ім ніколі,
Яшчэ і Бог не знае сам.

Ударыць звон расстайнай меддзю –
Нібы аб’явіць ім прысуд…
Паўстанак… – паўжыцця паедзе,
А паўжыцця пакіне тут…

Васіль Зуёнак