Пасажырка

З паўстанка адпраўляецца
Цягнік, бярэ разгон.
Да нас дзяўчына з раніцай
Заскочыла ў вагон.
Прысела. На вясёлую
Глядзім, як на вясну.
На вочы васільковыя,
Сінейшыя ільну.
Сама такая ўвішная,
Нібыта птушанё,
І вусны спеюць вішнямі,
І твар гарыць агнём.
Трымае сябе з годнасцю,
Вяснушак не злічыць...
А мо цягнік сягонняшні
У маладосць імчыць?

Мікола Сабалеўскі