Паравозныя гудкі...

Паравозныя гудкі.
Далячынь асмужана.
Пралятаюць цягнікі
Холадна-адчужана.

Недзе ўздрыгваюць масты
Фермамі ажурнымі.
У якім імчышся ты
З думкамі пахмурнымі?

Галавасцікам – вагон.
Рэха следам коціцца.
За табою наўздагон
Ірвануцца хочацца.

А паветра, нібы ртуць,
І смуга згушчаецца.
Рэйкі збліжана гудуць –
Толькі не злучаюцца.

Сцяпан Гаўрусёў