Паравоз гукае на світанні...

Паравоз гукае на світанні –
З гуку нітку доўгую прадзе.
Можа, нечаканае спатканне
Да мяне здалёку ён вядзе?

Дзякую, нязбочная дарога,
І даруй мне нейкую віну.
Вось сустрэну сябра дарагога,
Ў ім усіх, хто ў свеце, абніму.

Радасць блізка так была і знікла,
Як бясшумны ранішні экспрэс.
Абарвалася тугая нітка,
Мусіць, зачапілася за лес.

Аляксей Пысін