Паравоз

Раз’юшаны вірам клубіўся агонь,
Лізаў гарачыя рэйкі,
І з болем глядзелі з далін на яго
Бездапаможныя рэкі.

Цяжкі паравоз ад самоты загуў
На ўвесь свой пракураны бас,
Як быццам хацеў пра сваю тугу
Сказаць у апошні раз.

Як быццам паскардзіцца ён хацеў
Сонцу дрэвам і водам,
Што ростані час, як віхор, наляцеў,
Што адступаем на ўсход мы.

Маўкліва і горда вакзал дагараў,
І доўга за сінім возерам
У травах густых, у барах заміраў
Суровы плач паравоза.

Масква адбівала лавіны атак,
Краіна сілы збірала,
І ён калоны магутных танкаў
Вазіць стаў на фронт з Урала.

Байцоў на славу і подзвігі вёз,
Назад ледзь цягнуў трафеі.
Сек яго вецер, марозіў мароз,
Душыла зімовая вея.

Сцярвятнікі чорныя ноччу і днём
З-за хмар на яго палявалі.
Жалезнае цела палілі агнём,
Свінцовым дажджом палівалі.

А ён залечваў раны і – зноў
На захад, дарогаю простай;
Сухі перастук рассыпаў між палёў,
На колы наматваў вёрсты.

І з кожнай пуцёўкай бліжэй і бліжэй
Разбітая родная станцыя.
Там голас ягоны зямля беражэ,
Хавае, як скарб, ад паганцаў.

І хутка ўжо людзі яго сустракаць
Выйдуць з хацінаў знявечаных,
І дрогне жалезны голас гудка
Радасцю чалавечай.

Пімен Панчанка