Пад стук вагонных колаў...

Пад стук вагонных колаў,
Прымружу вочы ледзь,
Гучыць унукаў голас:
“Не трэба, дзед, не едзь”,

Ён над вакзальным тлумам
Махае мне рукой,
Глядзіць з дарослым сумам
І светлаю тугой.

Не ўразумець адразу
Яму законаў лес –
Службовы абавязак,
Дзяржаўны інтарэс.

А я ў замежжы дальнім
Вяртаю ўсё назад
І позірк развітальны,
І просьбу як загад.

Калі ж адчай прыдушыць, –
Маленькі мой мядзведзь,
Ты мне шапні на вушка
Здалёку: “Дзед, прыедзь!..”

Генадзь Бураўкін