Ноч на станцыі Негарэлае

1. Захацелася новых настрояў і слоў

Захацелася іншых настрояў і слоў,
Скласці думкі вясновыя ў новым парадку.
Растрывожаны гул дымавых цягнікоў
Праімчаўся з вятрамі па пыльнаму тракту.

Захацелася ехаць у дальнюю даль
Па шырокай, як светлае неба, краіне...
Апранаецца сад у зялёны паркаль,
І у небе віры каламутнае сіні.

Вось тады, пакідаючы станцый агні,
Патыхаючы дымам і нафтавым пахам,
Адыходзіў ад Мінска бясконцы цягнік
І па рэйках змяістых спяшаўся на захад.

Бо яму ўсё роўна кароткі прагон –
Праімчыць з паравознаю дымкаю шызай.
І яго не ўсхвалёўвае слова “кардон”,
І ў яго на мяжы не пытаюцца візы.

І вось гэткім звычайным, якім і прыйшоў
У палі Беларусі з далёкіх лагчынаў,
Будзе ймчаць ён, спакойны, за нашай мяжой,
І па рэйках грымець, і уздрыгваць няспынна.

Ён магутным гудком не адзін страсяне
З невядомых паўстанкаў свайго падарожжа,
І не здзівіць – на станцыі польскі жаўнер
І над станцыяй дзёрзка ўзнесены “ожал”.

Бо яму абыякавы станцый агні,
Шмат мінуў ён іх з дымам і нафтавым пахам.
Адыходзіў ад Мінска ўдалеч цягнік
І па рэйках спяшаў за кардоны, на захад.

2. Ах, не ў гэтым жа справа!

Шмат я станцый страчаў у вандроўнай начы,
Але гэтай апошняй не бачыў ніколі,
Што ўвесь свет падзяляе на наш і чужы
На прымежным краі беларускага поля.

За якою – інакшасць і песень, і мэт,
І гады праплываюць не нашай чаргою,
За якою другі, мной нябачаны, свет
І жыццё прамінае зусім па-другому.

Я люблю Беларусь, як каханак, як сын,
І таму не трываю пякельнага болю,
Што пастаўленым слупам, дзе шэпчуць лясы,
Падзяляецца напал радзімае поле.

І на гэтай палове, дзе ўсе мы жывём
І дзе нашая доля ўзрастае, мацнее,
Мы складаем пякельныя песні паэм,
Што дыктуюцца словам пахмурага гневу.

Ах, не ў гэтым жа справа, што ёсць Беларусь
На Усходзе й на Захадзе!..
Справа не ў гэтым!
Гэта станцыя ставіць глухую мяжу
Для ўсяго невыказна вялікага свету!

І калі ўяўляю, што там, за мяжой,
Вісне чорная ночка у колеры сажы,
Мне шкада не адной Беларусі маёй,
А падзелены свет неабсяжны.

Можа, у час, калі гэтыя словы пішу,
Недзе там, за мяжой, за кардонам,
У еўропе, начная трывожная жудзь
Прарываецца крыкам і стогнам.

І для тых, хто вясне пракладае сляды,
Патэнтованы кат і разбэшчаны вораг
За нянавісць да іх, за змагання гады
Піша чорнай рукою сваёй прыгаворы.

Не хапае душы змераць гэтую жудзь
Аніякаму ў свеце паэту.
Гэта станцыя ставіць глухую мяжу
Для ўсяго невыказна шырокага свету.

3. Як кудры белыя бяроз

Як кудры белыя бяроз,
Шуміць вясновы свежы вецер.
На Негарэлае прывёз
Мяне цягнік у гэты вечар.

І потым далей ў ноч і сон,
Ў разгоне шпаркіх кіламетраў
Прамчаўся зданню за кардон
З красавіковым сонным ветрам.

І вось тады, ў трывожны шум
Глухіх палёў і дум паэта,
Глядзеў я доўга на мяжу,
Мяжу зямлі шырокай свету.

Вось там, пад лісця сонны звон,
За колькі шпаркіх кіламетраў
Ўрываюцца цераз кардон
Савецкія начныя ветры.

Ляцяць без візы ў поля гладзь,
Да польскай дальняе Варшавы,
Чужым штандарам расказаць
Пра гордасць нашую і славу.

Лятуць, мінаючы вакзал,
Вартуючы начную цішу,
Каб даць натхненне і запал
Асуджаным глухіх Лукішак.

І там далей, праз ноч і жудзь
І неабсяжныя дарогі
Ў палац міністрам прынясуць
Начную хісткую трывогу, -

Што па фабрычных гарадох
Расце пажар нямых аколіц,
Што ноч над змеямі дарог
І што на крэсах неспакойна.

Прамчаць у ночнай сіняве
Над Мусаліні, рымскім папай
І зноў напомняць, што сусвет
Падзелены мяжою напал.

4. Цягнікі грымелі

Цягнікі грымелі ды імчалі...
Пад лістоў красавіковы грай...
Разам з сонцам залацелі далі,
Загараўся раніцаю край.

За акном міналі кіламетры
І з палямі роснымі плылі.
І шточас мацней спявалі ветры
Пра вясну, пра радасці зямлі.

І таму у дні трывог і буры,
Родны край мой, творца і паэт,
Я вітаю звонкія віхуры,
што агорнуць песнямі сусвет.

І цябе вітаю, край машынны,
Што да нас завітвае цяпер!..
З добрым раннем, вольная айчына,
Аванпост СССР!

Змітрок Астапенка