Ноч канае ў цёмным завуголлі...

Ноч канае ў цёмным завуголлі,
Слуп барвовы сонца устае.
I бягуць насустрач за вагонам
Сосны беларускія мае.

У купэ, дзе шмат людзей бывала,
Дзіўны сон мне сніўся ў гэту ноч:
Нібы ў доме ўсё маім прапала,
Толькі стол пусты
I нейкі нож.

Я з нажом даўно ўжо не дурэю,
На руцэ ад ручкі мазалі...
Што за знак той дом пусты?
Старэю...
А зрабіў так мала на зямлі.

Мне цяпер часцей маленства сніцца,
То лясы Бягомля,
То стагі...
Не паеду болей за граніцу:
Сэрца разарвецца ад тугі.

Пімен Панчанка