На станцыі Орша

Куды я ні еду — ці ў добрым настроі,
Ці хай у найгоршым, —
Выходжу з вагона, каб хвілю прайсціся
На станцыі Орша.

I сэрца ў трывозе. На момант, здаецца,
Агорнецца лёдам.
Там нашы калісьці шляхі разышліся, —
Відаць, назаўсёды.

Ты мне не зманіла: цяпер ты далёка —
Ні слыху, нізвання.
Ішоў да цябе я. Ты ж — нават ні кроку
Насустрач спатканню.

Хаджу я па станцыі Орша сягоння,
Цябе выглядаю...
Глядзіць на мяне запытальна Заслонаў —
Яго я здзіўляю.

Зямлю можна вырваць з няволі, з палону
Для шчасця людскога.
Чаго ж я шукаю? Таго, што не вернеш, —
Кахання былога.

Другія прыходзяць на нашае месца
Часінай другою.
Яны разлучаюцца. Мне так здаецца,
Што мы там з табою.

Я веру: яны шчаслівейшымі будуць,
Ім выпадзе стрэцца.
Чаго ж я выходжу на станцыі Орша?
Па закліку сэрца.

Пятрусь Броўка