На рамонце чыгункі

Мы рамантуем чыгунку.
Новыя шпалы кладзём,
А старыя мы ў штабелі зносім.
Шпалы старыя!
Колькі іх плечы
Вытрымалі на сабе
Эшалонаў
З боепрыпасамі,
З танкамі,
З раненымі,
З горам людскім невымоўным,
З песнямі перамогі,
З цэглай і хлебам!
Можа, не менш,
Як і плечы любога з нас.
Пэўна, не менш.
У час перапынку
Вогнішча мы
З гэтых шпал раскладаем,
Доўга гляджу на яго я.
Бо на агонь,
Як на хвалі
Ці як на ўспаміны,
Можна бясконца глядзець.

Максім Танк