Гудкі і калёс перазвон, –
Памалу цягнік пад’язджае.
Абмыла вячэрні перон
І песня, і мова чужая.
І ўсё іх дзівіла у нас:
І беднасць зямлі,
І багацце,
Палёў хараство,
І вясна,
І нашы лазовыя лапці.
Чуваць быў начлежны напеў…
Праплакаў кулік над папарам.
Хтось “Мацюся” хрыпла запеў
Пад струны гавайскай гітары.
На захад ідуць цягнікі –
Лён,
Жыта,
Сасна і бяроза…
Гляджу і гляджу з-пад рукі,
Як наша юнацтва вывозяць.
Максім Танк