Мінск - Таварная

Стой, цягнік, спыніся,
Я прыехаў.
Тут мая мужнела маладосць.
Гул, свісткі – знаёмае мне рэха.
Тут сябры былыя мае ёсць.
Я прыехаў у сваё юнацтва –
Стала лёгка неяк на душы!
Уваччу паўсталі
Дружба, брацтва,
Цеплыні мной зведаная шыр.
Колькі грузаў розных
Для будоўлі
На плячах пранёс я ў тыя дні!
Не жадаў тады я іншай долі,
Не шукаў багатае радні.
Пасля мляўкай і салодкай стомы
Між сяброў,
Заўжды мне дарагіх,
Шчаслівейшым крочыў я дадому
Праз дажджы, сумётныя снягі.
...тут цяпер –
Пагрузачныя краны,
Рад у рад канвееры стаяць.
Паглядзіш, – здаецца, на экране
Механізмы розныя грымяць.
Так, змяніла станцыя аблічча,
Шуфель з тачкай
Аджылі сваё.
Толькі памяць
Усё так жа кліча
У юнацтва светлае маё.
Не прайшло юнацтва маё марна –
Быў я часткай бурнага жыцця.
Стой, цягнік, спыніся на Таварнай,
Я сягоння у яе ў гасцях.
Я ў гасцях сягоння
Ў маладосці,
У вясны,
Што бэзам адцвіла.
Дык прымай, сяброўка,
Свайго госця,
Бо яго любоў сюды вяла.

Павел Пруднікаў