Максім Горкі на станцыі Стоўбцы

Ішоў май зялёны,
Быў год дваццаць восьмы.
Экспрэс цераз Нёман
Стралою пранёсся.

Да болю ўглядаўся
Праз шыбы экспрэса ён
У край той, што зваўся
“Усходнімі крэсамі”.

Там дзёўб “ожэл бялы”
Загончыкі вузкія,
І ўсюды стагнала
Зямля беларуская.

Калі ж семафоры
Мільгнулі зялёныя,
Ступіў на платформу
У Стоўбцах з вагона ён.

Сядзеў у буфеце,
Піў чай тою раніцай.
Шапталіся недзе:
– З Сарэнта вяртаецца.

Сядзеў, і па твары
Калолі, як шпількамі,
Паноў і жандараў
Пагляды шматлікія.

З вакзала выходзіў
Ён крокамі цвёрдымі,
Ішоў, як праходзіць
Жывы паміж мёртвымі.

Калі ж ад вагона
Адхлынулі сышчыкі,
Пісьменнік далоню
Паціснуў насільшчыку.

...Мне ў Стоўбцах
Сівенькі насільшчык расказваў,
Як стрэў Чалавека
Тады першы раз ён.

Уладзіслаў Нядзведскі