Ля далёкіх паўстанкаў

Нібы жырафа, шпалістую шыю
На перагонах выгінае шлях.
Зямны прастор... І хуткасці – зямныя:
Не звоняць перагрузкамі ў вушах.
І месцы адпаведна – па-зямному:
Той тузам лёг, а гэтыя – вальтом...
Пахрапваюць... Сталёвы конь няўтомна
Красае іскры звонкім капытом.
А мне не спіцца... Вадакачкі вежа,
Паўстанак захінуўся за платы...
Мне б выскачыць, гукнуць у замець снежную,
Пачуць, адчуць два словы: – Гэта ты?..
– Я!.. Прада мною Млечны Шлях іскрыцца...
Цягнік ляціць... Лапаткі і бакі
Лагодзіць шліфаваная паліца...
Прастор, прастор... Трывожныя гудкі...

Васіль Зуёнак