Лакаматыўчык манеўровы

Ён і цяпер жывы-здаровы,
Хоць і ўчарнеў, нібыта грак,
Лакаматыўчык манеўровы —
Таварнай станцыі батрак.

Каб магістральны рух шалёны
Ні на хвіліну не затух,
Зганяе ў гурт ён эшалоны,
Нібыта чэрады пастух.

І днём і ноччу — грузы, грузы
Праз туманы, дарожны дым
Ляцяць ва ўсе куткі Саюза
І не развітваюцца з ім.

Без крыўды ён, лакаматыўчык,
Вядзе рупліва свій матыўчык,
Апошні выпхнуўшы вагон,
Засне, уткнуўшыся ў перон.

Яго аркестры не вітаюць,
Наперад кветкі — не кідаюць.
І кожны на яго крычыць,
Калі квартальны план гарыць.

Сапе ён, пыхкае натужна
І сам сабе прызнацца рад:
Як зноў яго забылі дружна,
Дык значыць справа йдзе на лад.

Анатоль Грачанікаў